ДАВЫ́Д УСЯСЛА́ВІЧ

(? — пасля 1129),

князь полацкі. Сын кн. Усяслава Брачыславіча. На думку некат. гісторыкаў, з 1101 княжыў у Менску. У 1103 разам з паўд.-рус. князямі ўдзельнічаў у паходах на полаўцаў. Гэты саюз насцярожыў Усяславічаў, верагодна, Давыд Усяславіч прагнаны з Менска. У 1104 з паўд.-рус. князямі ўдзельнічаў у няўдалым паходзе на свайго брата менскага кн. Глеба. Каля 1106—27 княжыў у Полацку. У выніку нападу на Полацкую зямлю ў 1127 кааліцыі князёў на чале з Мсціславам Уладзіміравічам Давыд Усяславіч пазбаўлены пасада, у 1129 разам з інш. полацкімі князямі сасланы ў Візантыю, дзе і памёр.

т. 5, с. 565

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)